РЭЗАНА́НСНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

электрамагнітнае выпрамяненне, вылучанае сістэмай зарадаў (напр., атамам), з частатой, роўнай частаце ўзбуджальнага выпрамянення. Назіраецца пры пэўных умовах, напр., у разрэджаных газах, замарожаных растворах. Адкрыта Р.​Вудам (1905) пры даследаваннях пары натрыю.

Для ўзбуджэння Р.в. атам (ці інш. сістэму звязаных зарадаў) абпрамяняюць, напр., святлом пэўнай частаты. Пры паглынанні кванта святла атам пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры спантанным вяртанні з якога ў асн. стан адбываюцца Р.в., — атам выпрамяняе квант святла той жа частаты і ў спектры выпрамянення выяўляецца рэзанансная лінія. Пры ўзаемадзеянні атамнага ядра з гама-выпрамяненнем назіраецца Р.в. гама-квантаў. Р.в. заўсёды палярызавана, пры гэтым ступень і характар палярызацыі вызначаецца характарам палярызацыі ўзбуджальнага выпрамянення, напрамкам назірання, уласцівасцямі выпрамяняльнага аб’екта, наяўнасцю ў ім дамешкаў, знешняга магн. поля (найб. адчувальна; у эксперыментах неабходна ўлічваць магн. поле Зямлі). Гл. таксама Вымушанае выпрамяненне, Квантавы генератар.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)